Свята ў аграгарадку Кватары адбылося ў суботу, 16 верасня, з нагоды 400-годдзя першага ўпамінання мястэчка ў архіўных дакументах.
У гонар гэтай важнай для Кватараў гістарычнай падзеі мясцовымі энтузіястамі-краязнаўцамі пры падтрымцы адміністрацыі Пагранічнага сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства КСУП “Пагранічны-Агра” было вырашана ўстанавіць памятны знак і закласці капсулу з пасланнем для нашчадкаў.
Менавіта з гэтай урачыстай цырымоніі і пачалося свята вёскі. Памятны знак – вялікі камень – загадзя быў устаноўлены на адкрытай пляцоўцы непадалёку ад магазіна. З чым звязана святкаванне юбілейнай даты, расказалі вядучыя ўрачыстасці: маёнтак Кватары ў 1617 годзе ўзгадваецца ў тастаменце яго першых уладальнікаў Вольскіх. Пасля невялічкага гістарычнага экскурсу, было зачытана пасланне для нашчадкаў з наказам захоўваць і прымнажаць дасягненні папярэдніх пакаленняў, прыкладаць намаганні для далейшага росквіту і дабрабыту роднай зямлі.
Канцэртны калейдаскоп мастацкіх нумароў работнікаў культуры і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і яго філіялаў парадаваў сваёй яскравасцю і эмацыянальнасцю. А музыканты з Гродна – кавер-група “Бугі-Бэнд” – падтрымалі зададзены пазітыўны настрой сваім высокапрафесійным выкананнем папулярных хітоў.
На свяце дзейнічалі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, мясцовых умельцаў, а таксама майстроў з Гродзеншчыны. Пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю аграгарадка запрашалі выставачная экспазіцыя “Музей пад адкрытым небам” і фотавыстава “Кватары ўчора і сёння”.
Святлана Ганчарова