Па традыцыі напярэдадні Дня Перамогі ў раённай бібліятэцы прайшоў Дзень інфармацыі “Подзвігу народа жыць у вяках”. Распачаў Дзень інфармацыі паэтычны марафон “Чытаем вершы аб Вялікай Айчыннай вайне!” у рамках абласной акцыі “Чытаем разам!”. На мерапрыемства запрасілі прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў раёна і вучняў 9-х класаў сярэдняй школы. “Ніхто не забыты, нішто не забыта” – гэтымі словамі бібліятэкары пачалі паэтычны марафон і напомнілі прысутным аб тым, што гераічнае мінулае нашай краіны навекі застанецца ў народнай памяці. І гэта пацвярджаюць творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Дзякуючы пісьменнікам наша літаратура ішла дарогамі вайны, набліжала Перамогу. Палымянае мастацкае слова заклікала да барацьбы з фашызмам. Творы беларускіх пісьменнікаў – гэта апаленыя агнём сведкі вайны, гэта галасы, якім ніколі не змоўкнуць, як бы далёка не адышоў час. Дырэктар Бераставіцкага Музея вавёркі А.М. Галавач, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ І.А. Крывапляс, дырэктар раённай бібліятэкі Т.Д. Марцішэвіч разам з вучнямі прачыталі вершы і ўрыўкі з твораў беларускіх аўтараў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. У іх выкананні прагучалі вершы А. Пысіна, Г. Бураўкіна, П. Панчанкі, А. Куляшова, П. Глебкі і многіх другіх і ўрыўкі з твораў В. Быкава, С. Алексіевіч, А. Карпюка і інш. Затым слова ўзяла бераставіцкая паэтэса Святлана Пракопік і прачытала свае вершы, прысвечаныя вайне. Усе прысутныя актыўна ўдзельнічалі у віктарыне па ваенных творах беларускіх пісьменнікаў і прадэмастравалі добрыя веды беларускай літаратуры.
Прадоўжыла Дзень інфармацыі гадзіна памяці “Шумела грозна пушча векавая...”, на якой бібліятэкар пазнаёміла прысутных са старонкамі гісторыі партызанскага руху на Бераставіччыне. Завяршыўся Дзень інфармацыі гістарычнай экспрэс-інфармацыяй “Палкаводцы Перамогі”, якую бібліятэкары падрыхтавалі і правялі для навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя.