У нядзелю, 11 чэрвеня, урачысты і крыштальны перазвон у аграгарадку Пагранічны абвясціў аб пачатку свята “Прыгранічны звон” – мерапрыемства, якое праводзіцца тут ужо ў другі раз, заснаванага ў гонар духоўнай заступніцы і асветніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай і прысвечанага людзям, якія жывуць у памежным мястэчку, іх добрым справам і традыцыям.
Імя беларускай святой носіць мясцовы храм і культурна-асветніцкі цэнтр, які дзейнічае на базе сельскай бібліятэкі.
Канцэртная праграма вызначалася разнажанравасцю і спрыяла прыўзнятаму святочнаму настрою гледачоў. Сваёй творчасцю падзяліліся мясцовыя калектывы: царкоўны хор, вакальная група “Сапрана”, народны інструментальны ансамбль «Вереск», рок-група “Кліп”. Прагучалі вакальныя нумары ў выкананні дарослых удзельнікаў аматарскай творчасці, а таксама навучэнцаў сярэдняй школы і школы мастацтваў. Замілаванне выклікаў танцавальны нумар выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Гучалі жартоўныя прыпеўкі і лірычныя вершы.
Цікавасць у мясцовых жыхароў выклікалі выставы рарытэтных рэчаў і старых фотаздымкаў з гісторыі чыгуначнай станцыі, мастацкіх твораў навучэнцаў школы мастацтваў, дэкаратыўна-прыкладных вырабаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дзейнічалі дзіцячыя атракцыёны. Можна было набыць салодкую вату, поп-корн, шашлык і іншыя прысмакі ў гандлёвых кропках філіяла райспажыўтаварыства і індывідуальнага прадпрымальніка з гарпасёлка Андрэя Качаргіна.
Свята “Прыгранічны звон” набірае моц, абапіраючыся на лепшыя мясцовыя традыцыі, улічваючы павевы сённяшняга часу. Дык няхай плыве звон пагранічнага свята па ўсёй бераставіцкай зямлі!
На свяце пабывала Святлана Ганчарова. Фота аўтара
Паклікаў “Прыгранічны звон”