3 ліпеня ўздоўж цэнтральнай вуліцы Вялікай Бераставіцы падчас святкавання Дня Незалежнасці краіны размясціліся святочныя пляцоўкі працоўных калектываў раёна. На кожнай з іх былі прадстаўлены цікавыя канцэртна-забаўляльныя праграмы.
Пры ўезде у гарадскі пасёлак, каля сельскагаспадарчага ліцэя працавала пляцоўка “Макараўскі кірмаш” КСУП “Макараўцы”. А адкрыўся кірмаш абрадам « Вяселле».
На падворку КСУП “Варанецкі” была падрыхтавана тэматычная пляцоўка VI фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”. Свята пачалося з урачыстага шэсця ўдзельнікаў фэсту па цэнтральнай вуліцы Вялікай Бераставіцы. Пасля адкрыцця тэматычнай пляцоўкі было паказана каларытнае тэатралізавана-абрадавае прадстаўленне “Шляхецкае вяселле”. Дзейнічала выстава фотаздымкаў самых яскравых фестывальных момантаў за апошнія пяць год. Увазе гасцей падворка была прапанавана фотагалерэя перадавікоў гаспадаркі і выстава сучаснай сельгастэхнікі, катанне на вясельным возе і конях, майстар-класы па квілінгу, бісерапляценні, тканепляценні, вырабах з паперы і пляценні кошыкаў. Працавалі салодкі кірмаш, дзіцячая пляцоўка, фотазоны. Прыўзняты настрой задаваў святочны канцэрт з танцавальна-забаўляльнай праграмай.
На святочнай пляцоўцы “Слаўлю працай цябе, куточак мой родны!” КСУП “Малабераставiцкi элiтгас” працаваў горад майстроў, праводзіліся майстар – класы народных умельцаў, а таксама дзіцячыя гульнёва – забаўляльныя, анімацыйныя і конкурсныя праграмы.На працягу мерапрыемства была магчымасць дэгустацыі страў беларускай нацыянальнай кухні “Прысмакі з бульбы”. Прыемным падарункам для гасцей пляцоўкі стала выступленне калектыву ДУК “Музычны тэатр “Рада” з шоу-праграмай “Казакi”.
Не меньш цікавай была святочная пляцоўка “Беларусь – мая старонка родная!” РСУП “Алекшыцы”. Для гасцей і ўдзельнікаў свята былі арганізаваны выставы народнай творчасці, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, дэгустацыя-продаж кулінарных вырабаў, блюдаў беларускай нацыянальнай кухні. Святочным падарункам стала канцэртная віншавальная праграма саліста беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Алега Жалезнякова (г.Мінск), а таксама выступленне ўзорнага эстрадна – інструментальнага ансамбля “Tutti”. Захапленне маленькіх гледачоў выклікала работа дзіцячай пляцоўкі (электрамабілі).
Зацікаўленасць удзельнікаў свята выклікала, таксама, святочная пляцоўка аграфірмы «Стары Дворац». Шыкоўная дзіцячая пляцоўка, дзе працавалі аніматары, артысты цырка “Давгялы” (лаўрэата цыркавога фестывалю мастацтваў г. Санкт-Пецярбург, Расія), праводзіліся музычна – забаўляльныя праграмы, была арганізавана для маленькіх гледачоў. Выступленне народнага ансамбля песні і танца “Цвецень” (г. Ваўкавыск) прыўнесла ў свята нацыянальны каларыт. Добры настрой падтрымлівалі выступленні артыстаў арыгінальнага жанру пародый на зорак эстрады (г. Брэст).
Урачыста адкрылася пляцоўка “Сяброў вітаем шчыра і сардэчна!” РСУП “Масаляны”. Адметнымі сталі майстар-класы па побытавым танцам і вырабу народных промыслаў“Беларускі каларыт”, а таксама дэманстрацыя нацыянальнага строю ўзорным тэатрам моды “Спадчына” (г. Ваўкавыск). Быў арганізаваны гульнёвы падворак з жартамі і песнямі, і з дэгустацыяй страў беларускай нацыянальнай кухні. Спадабалася гасцям святочнай пляцоўкі інтэрактыўнае тэатралізаванае прадстаўленне Беларускага тэатра роставых лялек (г. Дзятлава)“Гасцёўня БульбаЁсціка”.
Вельмі разнапланавай была работа святочнай пляцоўкі “Пра цябе, мой родны край, я з любоўю раскажу” КСУП «Пагранічны – Агра». Тут і дэгустацыя нацыянальнага печыва, і майстар-класы народных умельцаў, а таксама паказальнае выступленне пагранічнага атрада. Разнастайныя канцэртныя праграмы: канцэрт дзіцячай творчасці “Нашы зорачкі”, канцэрт народнага ансамбля “Вераск”, канцэрт мастацкай творчасці “Пагранічанскія напевы”, выступленне інструментальнага ансамбля “Кліп” і самая яскравая – канцэртная праграма гасцей свята - народнага ансамбля народнай песні “Уладары”.
На святочнай пляцоўцы “Наша праца і талент – нашай краіне!” КСУП «Пархімаўцы»праводзіліся гульнёвыя праграмы для дзяцей і дарослых, майстар – класы народных умельцаў. На працягу дня працавалі выставы народных рамёстваў і рэтра-тэхнікі, дзіцячыя гульнёвыя комплексы. Зацікалеўнасць гасцей пляцоўкі выклікаў тэатралізаваны абрад “Уваходзіны” з удзелам народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. Прыўзняты настрой падтрымлівала канцэртная праграма “Хіт – парад” кавер-групы “Бугі-Бэнд”.