У філіяле «Алекшыцкая сельская бібліятэка» прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання для пажылых «Сустрэча». Мерапрыемства прайшло не зусім звычайна, акрамя ўдзельнікаў аб'яднання, у госці мы запрасілі людзей пажылога ўзросту, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і адзінокіх аг.Алекшыцы. Быў арганізаваны салодкі стол, спонсарам якога быў РСУП «Алекшыцы».
За кубкам цёплага чаю, людзі прыемна размаўлялі, успаміналі свае маладыя годы, з задавальненнем слухалі і спявалі свае любімыя песні пад баян Вікторыі Бажко. Прайшлі цікавыя конкурсы і віктарыны: «Родавае дрэва», «Пачастуй суседа», «Смачныя рэцэпты», весела прайшла гульня «Старадаўнія рэчы». Акунуцца ў настальгію дапамагла тэматычная выстава "З дзяцінства бабуль і дзядуль», на якой былі прадстаўлены не толькі кніжныя выданні часоў маладосці нашых гасцей, але і дакументы, якія прадстаўляюць на сённяшні дзень гістарычную каштоўнасць: партыйны білет, мандат, уліковая картка члена КПСС, узнагароды савецкіх часоў: медалі «За доблестный труд», «Ветеран труда» і іншыя. Усе жадаючыя маглі згуляць у настольныя гульні - шашкі, шахматы. Мерапрыемства завяршылася песняй «Многія лета».